ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ АПРАЦО́ЎКА матэрыялаў,
змена фізіка-мех. і хім. уласцівасцей матэрыялаў пад уздзеяннем патоку паскораных электронаў. Праводзіцца ў рэжымах тэрмічнага, нетэрмічнага, праменехім. і радыяцыйнага ўздзеяння. Абумоўлена перадачай кінетычнай энергіі, якая вылучаецца пры тармажэнні паскораных да высокіх скарасцей электронаў.
Тэрмічныя працэсы Э.-п.а. ўключаюць электронна-прамянёвы пераплаў, электронна-прамянёвую зварку і пайку, электронна-прамянёвае нанясенне пакрыццяў, электронна-прамянёвае мадыфікаванне матэрыялаў, свідраванне, рэзку, гравіроўку і інш.; радыяцыйныя — намнажэнне радыяцыйных дэфектаў, полімерызацыю і ацвердзяванне матэрыялаў. Дыяметр патоку электронаў ад 0,1—1 мм пры свідраванні і зварцы да 10—1000 мм пры радыяцыйных працэсах. Прастата кіравання электронным праменем спрыяе аўтаматызацыі і камп’ютэрызацыі працэсаў. Выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы, радыё- і мікраэлектроніцы, авіякасм. прам-сці, машынабудаванні і інш.
Літ.:
Шиллер З., Гайзиг У., Панцер З. Электронно-лучевая технология: Пер. с нем М., 1980;
Шипко А.А., Поболь И.Л., Урбан И.Г. Упрочнение сталей и сплавов с использованием электронно-лучевого нагрева. Мн., 1995.
І.Л.Побаль.
т. 18, кн. 1, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)